Снежань

I вось, нарэшце, апошні месяц года, які «зямлю грудзіць, хаты студзіць, год канчае, зіму пачынае». У беларускай і ўкраінскай мовах самі назвы сведчаць пра характар гэтага месяца: «снежань», грудень». Па ім, лічылі ў народзе, раўняліся вясна і лета. Будзе снежань сухі — і яны будуць сухія, а выдасца цёплы, дык і лета такое ж: «У снежні адкрытае вуха — летам горача і суха». Правяралі і ўрадлівасць наступнага лета: «У снежні мароз і снег вышай хаты — год будзе багаты». Разважалі: калі 1 снежня пагода — пагодная і ранняя будзе вясна; які дзень 2 снежня — такое надвор’е чакаецца ў сенакос; якое 3 снежня — такім яно будзе ў жніво.

3. Ад­вент. Пе­рад­ка­ляд­ны пост.

4. Увя­дзен­не. Вод­зяц­ца ваў­кі. Бар­ба­ра. «Бар­ба­ра ноч урва­ла, а дзень над­та­чы­ла». 4/21. Увядзенне. Назву афіцыйнага свята праваслаўнай царквы народ тлумачыў па-свойму: «Бог прыводзіць зіму на зямлю». Як зіма павядзе сябе ў гэты дзень, такая яна ў асноўным уся будзе. Прадугледжвалася магчымае пацяпленне: «Уведзенне разбіваець ледзенне». На Чарнігаўскім Палессі дзяўчаты-беларускі, кладучыся спаць напярэдадні свята, загадвалі: «Святое Увядзенне, вядзі мяне туды, ідзе мне жыць». I спадзяваліся сасніць хату будучага мужа.

5. Пра­коп. Са­вы. «Бар­ба­ра мос­ціць, Са­ва цві­кі вой­стрыць, а Мі­ко­ла пры­бі­вае».

6. Мат­рых­ва­ны. Не пра­лі. Мі­ко­ла. «Хва­лі зі­му па Мі­ко­ле».

7. Ка­ця­ры­ны. «За­бра­ла край ле­та».

9. Юр’е Зі­мо­вы. Юра мос­ціць. Ган­ны. «Ад Ган­ны да Ка­ляд два тыд­ні і два дні».

13. Дзень святога Андрэя асабліва славіўся варажбою дзяўчат, прымеркаванай менавіта да яго. «Высявалі» насенне канапель ці льну на калодзежы, ля палонкі, у пасцелі. Уяўнае высяванне было невыпадковае — дастаткова прыгадаць, што вясною, 28 красавіка, таксама ў дзень Андрэя, прынамсі на Палессі, звычайна сеялі каноплі. Водгукі гэтага занятку чуюцца ўвосень і нібы змыкаюць агульнай справай двух цёзкаў. Само дзеянне варажбітак — сяўба насіла яўна сімвалічны характар: як засеянае павінна ўзысці, так і загаданае павінна ажыццявіцца ў недалёкім будучым: «Святы Андрэю, я каноплі сею, дай мне знаць, з кім буду рваць». Каб жаданні збываліся, дзяўчаты цэлы дзень пасцілі і пазбягалі размоў. Калі кінутае ў агародзе насенне ўсё на весну прарастала, гэта абяцала шчаслівы шлюб, калі ўзыходзіла зрэдку — чакала бязрадаснае замужжа, калі насенне зусім не ўзыходзіла — гэта нібыта быў знак на смерць. На трох прыкрытых талерках клалі пярсцёнак, ружанец і кветку; хто з дзяўчат выцягне пярсцёнак — тая пойдзе замуж, кветку (сімвал цнатлівасці) — застанецца ў дзеўках, ружанец — пойдзе ў манастыр.

17. Вар­ва­ры. «Мі­ко­ла і Вар­ва­ра ноч урва­лі». Яе імя таксама вельмі красамоўна абыгрывалася народам. Галоўнае, што адзначаў селянін, гэта як ад Варвары паступова пачынае прыбываць дзень («на казіны скок»), такім чынам, былі ўсе падставы «папракнуць» яе за тое, што яна, Варвара, «ночы ўваравала, а дня прытачыла». Другое сугучнае выкарыстанне імені Варвары ў прыкметах — што «Варвара варыць», г. зн. на яе дзень магчыма параўнальна цёплае надвор’е напярэдадні вялікіх маразоў. Цёплая пагода на Варвару прадказвала добры ўраджай ільну на лета. Гэты дзень быў «бабскім» святам, таму не пралі кудзелі, але талакно малоць і лён трапаць дазвалялася. Адзначалі яго і як свята надрэчных вёсак дзеля таго, каб дзеці і жывёла не тапіліся. Каб лепш пладзілася жывёла і вялася скаціна, у адных мясцінах пякліся пірагі з макам, якія называлі «варэнне» (зноў жа блізка да імені Варвары з яўным разлікам на яе спагаду), у другіх кутках ляпілі з пшанічнага цеста галовы, рогі, ногі, капыты, вушы і кармілі спечаным худобу. У абодвух выпадках праглядваецца культ Варвары як заступніцы хатняй жывёлы.

18. Са­вы, Мі­ко­лін баць­ка. «Са­ва мос­це, а Мі­ко­ла гвоз­дзе».

19. Мі­ко­ла Зі­мо­вы. «Без Мі­ко­лы не бы­вае ні зі­ма, ні ле­та». «Мі­ко­ла ма­ро­зам гвоз­дзіць». Менавіта ён выступае пачынальнікам сапраўднай зімы: «Да Міколы няма зімы ніколі». I Мікола зімовы, і Мікола летні як бы адкрывалі кожны свой сезон: «Мікола — сапраўдная зіма, Мікола — сапраўднае лета». Ды зноў жа надвор’е, якое год на год не прыпадала, уносіла папраўкі ў народныя назіранні, і, часам ашукаўшыся, казалі: «Ніводнаму Міколе не вер ніколі». Затрымка зімы на Міколу была знакам, што маразы прыйдуць няскора і наогул уся зіма будзе бяспутная. Мікола зімовы быў далучаны земляробам да будзённых гаспадарчых разлікаў і прагнозаў: «Беражы сена ад Міколы і да Міколы і не бойся зімы ніколі» — гарантавала прыказка, адзначыўшы прыблізна, колькі трэба трымаць у хляве жывёлу. Пра пачатак веснавой сяўбы і пра плён у полі меркавалі так: «Калі іней будзе раней Міколы зімовага, то трэба сеяць ранні ячмень, калі пазней Міколы — позні»; «Іней, які пакрывае дрэвы на Міколу, прадказвае добры ўраджай ільну».

22. Зі­мо­вае сон­ца­ста­ян­не. Ус­ход 9.33, за­хад 16.43.

Ган­ны. «Ган­ны — пры­ба­віц­ца ба­га­та дня», «Ган­кі — па­лі­ча­ны дзянь­кі». Калі на Варвару ці Міколу яшчэ былі сумненні наконт дарог, якія то падмярзалі і добра пакрываліся снегам, то зноў ператвараліся ў гразь, збіваючы з толку селяніна пры яго выездзе на кані, дык ужо гэты прысвятак амаль узаконьваў пераход на зімовы транспарт: «На Ганкі сядайце на санкі». Ад Ганны, прыкідвалі, пачынаецца паступовы паварот на лета, насуперак якому будуць меншаць сілы ў чалавека, калі ён не паспеў назапасіць іх. Па дню Ганны вызначалі надвор’е, якое будзе роўна праз паўгода, кіруючыся прыказкай «па зіме і лета». Шукалі падабенства: снег — да дажджу, мяцеліца — да ветру з дажджом, мароз — да яснай пагоды, адліга — да цёплага дажджу і г. д. Сама ідэя павароту ўвасаблялася ў такім вось звычаі. Калісьці на Ганну, толькі прачнуўшыся, абходзілі хлявы, каб падняць на ногі кожную жывёліну і павярнуць яе галавой да выхаду; потым абыходзілі клеці і свірны, гумны і пуні, каб павярнуць кожную рэч, асабліва перамяшаць насеннае зерне. «Усё гэта трэба зрабіць дзеля дабратворнага павароту на лета, якое цяпер пачынае, відаць, «бліжаць да людзей» (М.Я.Нікіфароўскі). Яшчэ зіма толькі пачыналася, яшчэ самыя жорсткія маразы і суровыя завірухі былі наперадзе, а селянін ужо ў думках парываўся да веснавога абуджэння прыроды. Сваімі рытуальнымі дзеяннямі ён нібы дапамагаў рухацца няспыннаму колу часу.

24. Пос­ная куц­ця. Па­ча­так Ка­ляд (да 6 сту­дзе­ня).

25. Спі­ры­дон Сон­ца­ва­рот. Бо­жае На­ра­джэн­не. Бы­ло Но­вым го­дам.

31. Марк. «Мар­ка да Вар­ка — ня­хай бу­дзе пар­ка». Ба­га­тая куц­ця. Сіль­вестр. Ва­ра­жы­лі дзяў­ча­ты.