Люты

Як у лютым адгукнецца, так у жніўні адзавецца.

1/19. Ігнат. Беларусы-католікі некалі казалі: «На святога Ігната зіма багата, а Ігнат Грамніцам рад» (Паўлюкоўскі, 1934).

2/20. Грамніцы, Стрэчанне – дзень сустрэчы зімы з летам у католікаў і Грамаўніка (язычніцкага бога Перуна). Лічыцца, што ўжо могуць быць грымоты, навальніцы і прайшла палова зімы. Аб гэтым сведчаць прыказкі: «На Грамніцы – палавіна зіміцы», «Грамніца – хлебу палавіца, а корму траціна». На Стрэчанне наглядалі за надвор’ем. Існавалі прыкметы: якое надвор’е на Грамніцы, такая й вясна; як на Грамніцы адліга – з ураджаю будзе фіга, і інш. У прыродзе адчуваецца пацяпленне, са стрэх бягуць першыя капяжы. «На Грамніцы певень нап’ецца, на Дабравешчанне (Звеставанне) – вол» (Паўлюкоўскі, 1934).

У Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці, дзе жывуць праваслаўныя і католікі, было пачута, што «паміж польскімі і нашымі Грамніцамі не трэба снаваць кросны, бо ваўкі будуць снаваць каля будынкаў».

5/23. Агата. У гэты дзень свянцілі соль і хлеб. Паводле на родных вераванняў, хлеб мог бараніць ад пажару, перуна і раптоўных хвароб, таму і вядома: «Хлеб святой Агаты не пусціць бяды да хаты» (Беластоцкае ваяводства; Ніва, 1989), а таксама: «Соль святой Агаты бароніць ад агня хаты» (Паўлюкоўскі, 1934; Сахараў, 1937).

6/24. Аксіння (Ксеня, Аксені). Называлі яшчэ Аксінняй Паўзіміцай, бо дзяліла зіму папалам. У Заходнім Палессі гавораць: «Белі на Оксэні Мэтэ, то весь корм падмэтэ – зыма шчэ будэ» (Талстая, 1986).

Дарота. «Па Дароце высахнуць хусты на плоце» (Б.с.к., 1937).

7/25. Лічылася, калі нечакана пасля Стрэчання, 7 лютага, загрыміць гром, дык прападуць пожні (Паўлюкоўскі, 1934).

9/27. Іван Залатавус. У народным календары гэты дзень замацаваны за Іванам Залатавусам, а не за Іаанам Залатавустам, як у царкоўным. Згодна легендзе, Касьян падпаліў Івану Хрысціцелю вусы. Бог пакараў Касьяна тым, што яго прысвятак адзначалі толькі адзін раз у чатыры гады – 29 лютага па старым стылі. А Івану Бог падараваў залатыя вусы (Раманаў, 1891). Івана Залатавуса святкуюць і ў іншыя дні года.

11/29. Ігнат. Праз некалькі дзён наступяць Грамніцы, а Ігнат іх сустракае, таму і кажуць у народзе: «Ігнат Грамніцам рад».

12/30. Тры свяціцелі. У народзе яшчэ называюць Васілля да Рыгора. У царкоўным праваслаўным календары – дзень Трох святых: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Залатавуста. У гэты прысвятак не пралі (Раманаў, 1912).

13/31. У некаторых раёнах перад Грамніцамі адзначалі Стрэчаньскія Дзяды (Талстая, 1986).

14/1. Трыфан. Назіралі за прыродай, зоркамі. «На Трыфана зорна – вясна позняя» (Паўлюкоўскі, 1934). Гэты ж дзень – і Грамнічны бацька, бо заўтра ўжо Грамніцы. Да іх рабілі свечкі з асенняга воску. У Віцебскім і Полацкім паветах у апошнюю субботуперад Грамніцамі рыхтавалі «ахвярныя» грамнічныя свечкі са свайго воску (Нікіфароўскі, 1897).

15/2. Грамніцы (Грамнічнік, Стрэчанне, Устрэчанне) – дзень сустрэчы зімы з летам, свята свечкі і «жывога агню», што, паводле язычніцкіх вераванняў, абараняе чалавека ад злых духаў. У хрысціянскі перыяд васковыя свечкі пачалі асвячацца ў царкве. Яны захоўваліся ўвесь год. На Грамніцы беларусы выпальвалі «крыжы» (дзве палачкі, пакладзеныя адна на адну, пры дапамозе якіх ранней здабывалі «жывы агонь») на будынках, каб зберагчы жытло ад нябесных стыхій (дажджу, маланкі); крыжападобна засмальвалі валасы на галовах дзяцей і на жывёле, каб адагнаць злых чарадзеяў, ведзьмакоў. Для гэтых мэт грамнічныя свечкі пакідалі ў хлявах. Іх запальвалі пры грымотах, калі выганялі кароў вясною, на засеўках, сустракаючы нованароджанага, у вясельных абрадах; клалі ў рукі нябожчыку (Крачкоўскі, 1874; Шэйн, 1887). Па стану надвор’я ў той дзень вызначалі будучае. Казалі: калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы; як на Стрэчанне рана ўзыходзіць сонца, то будзе ранні лён; калі снег перамятае цераз дарогу, то чакаецца позняя вясна (Дабравольскі, 1914).

У народных песнях гаворыцца:
Святыя Грамніцы свечкі сукаюць,
Свечкі сукаюць, на прыстаў стаўляюць.
У гэты дзень спявалі першую вяснянку:
Зіма з летам сустракалася,
Пра здароўейка пыталася.
(Гомельскі раён)

А ў нас сёння Стрэчанне,
Стрэчанне, Зіма з летам стрэлася,
стрэлася,
І ножачку звіхнула, звіхнула.
Зіма пайшла плачучы, плачучы,
Лета пайшло скачучы, скачучы.
(Талачынскі раён)

Са Стрэчання падумваюць ужо пра вясну. Кажуць: «Да Грамніц не скідай з рук рукавіц, а як прайшлі Грамніцы, то ўжо не патрэбны рукавіцы». Іншы раз, праўда, даводзіцца пераконвацца ў справядлівасці і такой прымаўкі: «Грамніцы – зімы палавіць!». Ва ўсякім выпадку ў некаторых мясцінах усе, хто хадзіў на заробкі, да Стрэчання спяшаліся вярнуцца назад, і гаспадары пачыналі рабіць, аглядаць, рамантаваць, прылады, патрэбныя для вясновых заняткаў (Ашмянскі павет; Крачкоўскі, 1874).

18/5. Агата – прысвятак. Асвячалі хлеб з соллю, які затым натыкалі карове на рогі, каб не баялася ўрокаў. Хлеб той нібы дапамагаў таксама адводзіць пажар (Берман, 1874).

19/6. Бакулы. На Палессі лічылася, што Вакула ахоўваў ад ператварэння ў ваўкалакаў (Зяленін, 1915). Аб існаванні легенд пра гэтых пярэваратняў пісаў старажытнагрэчаскі гісторык Герадот. Магчыма, царква прыстасавала да язычніцкага свята ўшанаванне памяці Вуколы, епіскапа Смірнскага.

22/9 Пятро. З прысвяткам звязана прыкмета: калі на Пятра цёпла – зіма працягнецца да Вялікадня (Васілевіч, 1991).

23/10. Прохар. Заўважалі, што ў гэты дзень ласі скідаюць рогі, бліжэй становіцца да вясны. «Прыйшоў Прохар ды Улас – скора вясна ў нас» (Васілевіч, 1991).

24/11. Аўлас (Улассе, Уласце, Улас). Лічыўся святам жывёлы, «каровіным і конскім». У адрозненне ад Валосага, Крывога чацвярга, які бывае на Масленічным тыдні, Аўлас мае сталае месца ў календары. Магчыма, царкоўнікі, каб адцягнуць увагу ад язычніцкага культу Воласа-Велеса, увялі па сугуччы на гэты дзень адзначэнне святога Уласія Севасційскага.

На Аўласа таксама наглядалі за надвор’ем. Верылі, што каля свята сем маразоў: тры напярэдадні, адзін на Уласа і тры пасля яго (Паўлюкоўскі, 1934). Каб адпудзіць ласку, якая нібы псавала жывёлу ў адрыне, сяляне вешалі пад столлю забітую варону.

На Смаленшчыне спявалі:
Ты, Улас, Улас,
Ты найміся ў нас
Скату пасцівіць!
Нашы каровачкі
Каля дубровачкі,
Нашы авечкі
Каля рэчкі,
Нашы свіначкі
Каля асіначкі,
Нашы козачкі
Каля лозачкі.
(Дабравольскі,1903)

У каталіцкіх раёнах Беларусі на гэты дзень прыходзіцца прысвятак Мацей. Прыказкі гавораць: «На Мацея дарога пацее» (Берман,1873; Паўлюкоўскі, 1934), «Калі на Мацея длонь спацее, то прадбачыцца добры год» (Свіслацкі раён). Нездарма яго называлі яшчэ Сухім днём.

26/13. Фаціння. Лічылася заступніцай ад ліхаманак, трасцы (Раманаў, 1912; Паўлюкоўскі, 1934).

*Дзедаў (Памінальны, Усяедны) тыдзень (Памінальніца) – перадапошні тыдзень Мясаеда (трэці ад канца) перад Вялікім постам, прысвечаны памяці памёршых продкаў, «дзядоў». Асабліва ўрачыста адзначалі ў пятніцу і суботу. Не працавалі, каб не шкодзіць «мёртвым душам». У царкоўнікаў гэта быў тыдзень Мытара і Фарысея (за 10 тыдняў перад Вялікаднём).

Пра снежныя завеі ў пачатку тыдня на Гомельшчыне гаварылі: «Ета Усяедная ў госці едзя!», а ў канцы тыдня: «Ета із гасцей Усяедная едзя!» (Раманаў, 1912). Вельмі шмат прыкмет і прымеркаванняў звязвалі з Усяедным тыднем смаленскія беларусы. Лічылася, калі «вея» (мяцеліца) была ў нядзелю, то авёс неабходна сеяць на дзевятым тыдні; калі ж у панядзелак, то – на восьмым; а калі ў сераду і чацвер, то пакідалі «дзісяцінкі дзве». І наогул, калі надарылася вялікая мяцеліца на тыдні, то авёс трэба сеяць раней (Дабравольскі, 1894).

* Папелец – серада сёмага тыдня перад Вялікаднём (46-ы дзень), пачатак Вялікага посту ў католікаў. Свенціцца попел вярбы, якая была пасвенчана ў мінулым годзе на Вербнай нядзелі, і пасыпаецца на галаву ў знак божых пакут.