Кастрычнік

Зямлю балоціць, а лес залоціць, ні калёс, ні палоз не любіць.

У кастрычніку снег — толькі на грэх.

У кастрычніку насмаркаць багачу, я свой сноп малачу!.

У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі.

9. Іван Багаслоў (Благаслоў, Багуслаў, Шаптун). Гэты дзень — мяжа ўсім шчыраванням дбайнага земляроба, бо зямля атрымлівае за свае дары нябеснае благаславенне на спакой да самае вясны. Няўпраўнасць гаспадара дакаралася ў народзе: «Хто не дасее да Івана Багаслова, той не варты добрага слова». Галоўнай жа прыкметай дня быў пачатак восеньскіх вяселляў — свацці і жаніхі дамаўляліся пра дзяўчат на выданні, што як закон гучыць у прыказцы: «Іван Багуслаў дружкі разаслаў».

Бяроза з лістом, бяроза з лістом усю восень шумела:
— Мая бярозка, мая белая, як мы расстанемся?
— Ты мой лісточак, ты мой зялёны, так мы расстанемся:
Ветры павеюць, цябе абвеюць, а я застануся.
— Мая бярозка, мая белая, я ж цябе не забуду,
На вясну к табе буду.
Дачушка з мамкай, дачушка з мамкай усю ночку гуляла:
— Мая матулька, мая родная, як мы расстанемся?
— Сваты прыедуць, цябе возьмуць, а я застануся.
— Мая й матулька, мая й мілая, я ж цябе не забуду.
Зараз у госцікі буду.

14. Пакроў (Пакравы, Пакрова). Само слова праваслаўная царква тлумачыла літаральна: пакроў (пакрывала) Божай Маці.Икона_Покровительница

 У народнай жа трактоўцы гэта паняцце атрымлівала куды больш шырокі сэнс, ахопліваючы самыя розныя прыкметы прыроды:

«Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам», «…рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом»; «Святэй Пакроў стагі пакрыў: першы стажок дранічкамі, другі стажок саломкаю, трэці стажок белым снегам».

Гаварылі, што зіма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю пасля Пакрова, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў. На Віцебшчыне існаваў звычай пячы на свята пірог і абыходзіць з ім усе гаспадарчыя будыніны, прыкладаючы да кожнае страхі, каб буры, што пачынаюцца ад Пакрова, не разбуралі стрэхі. Прыгадаем, што абыходзілі з хлебам палеткі вясною і менавіта на Юр’я, калі зямля «адмыкаецца» ад сіл, якія скавалі яе. Юр’е і Пакроў яднаюцца між сабою тым, што з першым звязаны выган жывёлы пасля зімы, а з другім — пачатак зімавання скаціны ў хляве («Пакрова — зарыкала ў хляве карова»). На Пакроў трэба было закласці ў яслі корму, нават калі жывёла была сытая: «На Пакровы дай сена карове». Дзякуючы фанетычнай сугучнасці свята Пакрова сабрала шмат прыкмет і парадаў, звязаных з каровамі: «Прыйшла Пакроўка — не дала малака кароўка» (г. зн. запускаецца) або — у дачыненні да нерухавага гаспадара: «Хто сее на Пакрове — не будзе мець чаго даць карове». Пакроў лічыўся надзейным паказчыкам прагнозаў надвор’я на даволі аддаленыя дні і нават на цэлыя поры года: «Калі да Пакрова дня снег не пакрые зямлю, то і на Каляды не будзе снегу»; «Якое надвор’е ў дзень Пакрова, такое яно і будзе ўсю зіму да вясны»; «Калі да Пакроў не было снегу, не будзе яго яшчэ дзве нядзелі»; «Калі ад Пакроў да свята Усіх Святых (1 лістапада) краты зямлю точаць, то зіма будзе снежна і марозліва». Асабліва пільна сачылі на Пакрова за напрамкам ветру: з якога боку ён быў у гэты дзень, з таго боку ён павінен дзьмуць галоўным чынам і ў бліжэйшую зіму. Зыходзячы з таго пераканання, што поўдзень заўсёды нясе цяпло, а поўнач — холад, сцвярджалі, што паўночны пакроўскі вецер прадказвае суровую зіму, а паўднёвы — мяккую, гнілую. Калі ж з раніцы задзьме ўсходні вецер — зіма будзе маласнежная, заходні — наадварот, вельмі снежная. Прагноз на свае поспехі ці няўдачы рабілі некалі ў Барысаўскім павеце пчаляры: дажджлівы дзень Пакрова — прыкмета таго, што на наступны год пчолы збяруць багата мёду. У гэту вясельную пару хлопцы па вёсках выглядалі сабе нявест, а тыя напярэдадні Пакрова варажылі на замужжа. На Брэстчыне набіралі ў хвартух апалае лісце і пасля вытрасалі з прыполу — куды вецер панясе, туды і замуж ісці. У іншых мясцінах пяклі салёныя блінцы і перад сном з’ядалі, задумваючы, каб сасніўся і напаіў той, хто наканаваны лёсам. Як сцвярджала прыказка: «Ад Пакрова ўжо дзеўка гатова». З марамі пра замужжа дзяўчаты прасілі святы Пакроў пакрыць іх галаву вянком (чапцом): «Пакравы прыйдуць — дзеўцы галаву накрыюць». Калі ж вяселле на гэты раз абмінала хату, то «Праходзіць Пакрова — раве дзеўка, бы карова».

На трэцім тыдні пасля Пакрова, у суботу (дата непастаянная), напярэдадні Змітравага дня, па ўсёй Беларусі адзначаўся агульны памінальны абрад, вядомы як восеньскія (Змітраўскія) Дзяды, ці Змітраўка.

Шмат дзе памінкі абмяжоўваліся рытуальнай вячэрай у хаце. Але ў многіх мясцовасцях усёй сям’ёй ішлі на могілкі. Абкладвалі магілы дзёрнам, камянямі, ставілі ці мянялі крыж або якія іншыя помнікі. Маліліся, галасілі, звяртаючыся да нябожчыкаў, як да жывых. Дома рабілі памінальны стол, да якога старанна рыхтаваліся загадзя. Сядзелі доўга, прытрымліваючыся строгага парадку чаргавання страў, сярод якіх былі любімыя нябожчыкамі. Не падымалі лыжак ці кавалкаў стравы, якія незнарок падалі — маўляў, мёртвыя імі пакарыстаюцца. З’яўленне якога-небудзь матыля ўспрымалі як прылёт душы продка.